«ЧАЛАВЕ́К І БІЯСФЕ́РА»

(The Man and the Biosphere, MAB),

міжнародная праграма па каардынацыі навук. даследаванняў узаемасувязей паміж чалавекам і навакольным прыродным асяроддзем. Прынята ў 1970 на 16-й сесіі Ген. канферэнцыі ЮНЕСКА як працяг Міжнароднай біялагічнай праграмы. Удзельнічае каля 90 краін, у т. л. Беларусь. Асн. мэта — распрацоўка навук. асновы для рацыянальнага выкарыстання і захавання рэсурсаў біясферы і глабальнага паляпшэння адносін паміж чалавекам і асяроддзем, для прагназіравання магчымых у будучым вынікаў сённяшняй дзейнасці чалавека і павелічэння яго магчымасцей эфектыўна кіраваць прыроднымі рэсурсамі планеты, не змяншаючы іх патэнцыялу. Праграма ўключае асобныя праекты, прысвечаныя вывучэнню ўплыву дзейнасці чалавека (землекарыстанне, інж.-Тэхн. работы, выкарыстанне энергіі) на асн. тыпы біёмаў Зямлі (тундры, лясы, саванны, стэпы, пустыні і інш.); прадугледжвае стварэнне сістэмы біясферных запаведнікаў, у якую з 1978 уваходзіць і Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Эмблема міжнароднай праграмы «Чалавек і біясфера».

т. 17, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)